ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1648—50,
выступленне сялян і гараджан у вызваленчую вайну ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Пачалося 13.10.1648 выступленнямі сялян вёсак Будымлі, Бухлічы, Варані, Векаровічы, Старое Сяло, Струга, гараджан Давыд-Гарадка, мяст. Гарадзец. Паўстанцы на чале з войтам Давыд-Гарадка І.Багдашэвічам (выбраны палкоўнікам) стваралі атрады на казацкі ўзор. У кастр. — снеж. 1648 паўстанне ахапіла ўсю Давыд-Гарадоцкую вол. і суседнюю ч. Пінскага пав. Сяляне грамілі маёнткі феадалаў, знішчалі дакументы на правы іх уладанняў і інш. Паўстанне працягвалася больш за 2 гады, задушана войскамі Рэчы Паспалітай.
т. 5, с. 567
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)